Др. Сцяпан Стурэйка прызначаны дарадцам рэктара ЕГУ па сувязях з грамадзянскай супольнасцю
Дацэнт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта доктар Сцяпан Стурэйка прызначаны дарадцам рэктара па сувязях з грамадзянскай супольнасцю. На гэтай пасадзе ён будзе спрыяць развіццю сістэмнага дыялогу паміж ЕГУ і беларускай супольнасцю.
Стварэнне новай пасады заклікана ўмацаваць прысутнасць ЕГУ ў беларускай грамадскай і інтэлектуальнай прасторы і забяспечыць сталую двухбаковую камунікацыю паміж універсітэтам і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, незалежнымі акадэмічнымі і адукацыйнымі ініцыятывамі, прафесійнымі супольнасцямі, дзеячамі культуры, даследчыкамі і інтэлектуаламі.
«Доктар Сцяпан Стурэйка — цалкам заканамерны выбар на гэтую пасаду. Як выпускнік ЕГУ, які атрымаў доктарскую ступень у Еўропе, ён спалучае глыбокае разуменне ўніверсітэта і яго місіі са значным міжнародным акадэмічным досведам.
Што асабліва важна, як эксперт у галіне даследаванняў спадчыны, ён валодае глыбокім разуменнем як акадэмічных, так і практычных аспектаў захавання і развіцця гістарычнай памяці, ідэнтычнасці, мовы і культурнай спадчыны, а таксама складаных сацыякультурных узаемадзеянняў, якія фарміруюць наш рэгіён. Я перакананы, што такое спалучэнне акадэмічнай экспертызы, еўрапейскага досведу і асабістай сувязі з ЕГУ дазволіць яму ўнесці значны ўклад ва ўмацаванне акадэмічнай прысутнасці ўніверсітэта», — адзначыў рэктар ЕГУ доктар Вілюс Шадаўскас.» — адзначыў рэктар ЕГУ доктар Вілюс Шадаўскас.
«Для мяне важна, каб ЕГУ заставаўся прасторай, дзе могуць быць пачутыя розныя часткі беларускага грамадства, а іх ідэі — станавіцца асновай для змястоўных акадэмічных, адукацыйных і культурных ініцыятыў. Універсітэт мае больш чым трыццацігадовы досвед працы з Беларуссю, вялікую супольнасць студэнтаў, выпускнікоў і выкладчыкаў, а таксама неабходную акадэмічную свабоду. Мая задача — дапамагчы больш поўна выкарыстаць гэты патэнцыял і зрабіць унёсак ЕГУ ў беларускае інтэлектуальнае і культурнае жыццё больш заўважным», — падкрэсліў Сцяпан Стурэйка.
Сцяпан Стурэйка — дацэнт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, даследчык і эксперт у галіне культурнай спадчыны. Ён кіруе адукацыйнымі праграмамі ЕГУ, прысвечанымі спадчыне, і рэалізуе даследчыя і грамадскія праекты, звязаныя з гісторыяй, культурнай памяццю і культурнымі правамі. У 2026 годзе ён быў абраны членам Савета Europa Nostra — агульнаеўрапейскай федэрацыі арганізацый у сферы культурнай спадчыны.