Падоўжаны тэрмін падачы заявак на акадэмічную канферэнцыю «Разуменне свабоды». Чытанні ў гонар стагоддзя айца Аляксандра Надсана

ЕЎРАПЕЙСКІ ГУМАНІТАРНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ
БЕЛАРУСКАЯ БІБЛІЯТЭКА І МУЗЕЙ ІМЯ ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ

запрашаюць да ўдзелу ў акадэмічнай канферэнцыі
«РАЗУМЕННЕ СВАБОДЫ».
Чытанні ў гонар стагоддзя айца Аляксандра Надсана

«‎‎Разуменне свабоды прыходзіць у пары з духоўным разняволеннем».
– айцец А. Надсан

Арганізатары пашыраюць фармат канферэнцыі, дадаўшы магчымасць дыстанцыйнага ўдзелу. Каб даць магчымасць далучыцца больш шырокаму колу даследчыкаў, тэрмін падачы заявак падоўжаны да 1 сакавіка 2026 года ўключна.

У 2026 годзе мы адзначаем 100-годдзе з дня нараджэння айца Аляксандра Надсана (1926–2015) — святара, перакладчыка, даследчыка, культурнага і духоўнага лідара беларускай эміграцыі, апостала беларускасці на Захадзе. Ягоны значны ўнёсак уключае даследаванні беларускіх старадрукаў і кітабаў, фундаментальныя манаграфіі па гісторыі рэлігіі, а таксама пераклады з грэчаскай мовы корпуса літургічных тэкстаў візантыйскага абраду. Айцец Надсан быў адным з заснавальнікаў і шматгадовым дырэктарам Бібліятэкі Скарыны — важнага цэнтра беларускай культуры і навукі на Захадзе. Як Апостальскі візітатар для беларусаў замежжа, ён падтрымліваў цесныя сувязі з беларускімі дыяспарнымі супольнасцямі па ўсім свеце і першым арганізаваў дастаўку медыцынскай дапамогі з-за мяжы пацярпелым ад Чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі.

Мы запрашаем даследчыкаў, навукоўцаў, выкладчыкаў і грамадскіх дзеячаў узяць удзел у акадэмічнай канферэнцыі «Разуменне свабоды». Чытанні ў гонар стагоддзя айца Аляксандра Надсана», арганізаванай Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам у партнёрстве з Беларускай бібліятэкай і музеем імя Францішка Скарыны (Лондан). Мэта канферэнцыі — прыцягнуць увагу даследчыкаў да вывучэння жыцця, ролі і акадэмічнай спадчыны айца Надсана, а таксама даць магчымасць абмеркаваць развіццё архіўных і бібліятэчных даследаванняў і даследаванняў беларускай дыяспары.

Прыблізныя тэматычныя напрамкі:
• Духоўная і асветніцкая дзейнасць айца А. Надсана
• Беларуская дыяспара і яе роля ў ХХ стагоддзі
• Перакладчыцкая і выдавецкая дзейнасць: унёсак у развіццё беларускай мовы і культуры
• Адукацыйная і архіўна-бібліятэчная праца (кніжная, архіўная і музейная калекцыі Скарынаўскай бібліятэкі)
• Беларуская ідэнтычнасць у асяроддзі эміграцыі
• Успаміны і сведчанні сучаснікаў

Умовы ўдзелу:
Заяўка на даклад павінна ўключаць назву, кароткую анатацыю (да 300 словаў) і інфармацыю пра аўтара (імя, месца працы / прыналежнасць да ўстановы, кантактны адрас).

Мовы канферэнцыі: беларуская, англійская, літоўская, польская.

Канферэнцыя адбудзецца 14–15 красавіка 2026 года ў Вільні.

Заяўкі і запыты дасылайце на адрас: library@skaryna.org.uk

Назад