У першы дзень на сустрэчы з удзельнікамі, удзельніцамі і гасцямі лабараторыі прафесар Анатоль Міхайлаў прачытаў уступную лекцыю аб феномене “беспрытульнасці” і паняцці “Dasein” у еўрапейскай культуры і філасофіі, а таксама паразважаў, якім прадстаўлены чалавек у поўнай выклікаў сацыяльнай рэальнасці. Дацэнтка Ксенія Князева прачытала лекцыю””Калі тэкст становіцца тэатрам: ад дакумента да вымысла”, дзе наглядна паказала эвалюцыю напрамкаў, якія распрацоўваліся на лабараторыі, і магчымыя спосабы пошукаў драматургічнай мовы ў сучасным тэатральным мастацтве. Гэтыя дыскусіі натхнілі ўдзельнікаў і ўдзельніц на стварэнне тэкстаў у далейшай групавой працы.
Каманды працавалі па трох напрамках:
- Дакументальны тэатр (куратар Аляксандр Марчанка – мастацкі кіраўнік лабараторыі, рэжысёр, акцёр, куратар праграмы “Тэатральнае мастацтва і акцёрская ігра” (ЕГУ, Вільнюс), куратарка Ірына Серабракова – украінскі драматург, аўтарка больш за 10 дакументальных п’ес, перакладзеных на розныя мовы і прадстаўленых у Кіеве, Берліне, Нью-Дэлі, Барселоне, Осла, Хельсінкі і іншых гарадах).
- Адаптацыя драмы (куратар Мікіта Ільічнік – драматург і тэатральны рэжысёр, двухразовы лаўрэат конкурсу “Аўрора”, аўтар больш за 10 п’ес, пастаўленых у тэатрах Еўропы; куратарка Валянціна Мароз – рэжысёрка і куратарка культурных праектаў, якая працуе на скрыжаванні тэатра і сацыяльных тэм.
- Адаптацыя прозы (куратар Тадас Монтрымас – рэжысёр, кіраўнік незалежнага тэатра “Taško”, лаўрэат нацыянальнай тэатральнай прэміі “Залаты сцэнічны крыж” (2020), які эксперыментуе на скрыжаванні класічнай драмы, імерсіўнага тэатра і міждысцыплінарных практык).
Некалькі дзён каманды абмяркоўвалі праблемныя пытанні, прапанаваныя для працы падчас лабараторыі, вызначаліся з фокусам даследавання па пошуку сябе і свайго месца ў свеце, які хутка змяняецца, удзельнічалі ў творчых практыках, абменьваліся думкамі і фарміравалі канцэпцыі фінальных праектаў. У фінальны дзень першага этапа кожная каманда прадставіла шырокай публіцы канцэпцыі выпрацаваных ідэй будучых сцэнічных эскізаў.
Прадстаўнікі групы “Дакументальны тэатр” адштурхнуліся ад тэксту адной з удзельніц, якая прачытала напісаную раней гісторыю сваёй сям’і, цесна пераплеценую з прасторай Парка імя Горкага ў Мінску. Абмеркаванне тэм, узнятых у яе эсе, паступова раскрыла глыбінны пласт – памяць аб доме як асабістым і калектыўным перажыванні. Разважанні натуральна перацяклі ў асабістыя гісторыі іншых удзельніц і ўдзельнікаў, якія затым былі структураваны і ператварыліся ў невялікі драматургічны варыянт. Вынікам стаў калаж кранальных, удумлівых і часам іранічных тэкстаў, якія перамяжоўваліся з дадзенымі, выпрацаванымі ChatGPT аб бяздомнасці і пошуку дома. Такі кантраст дазволіў выбудаваць жывы дыялог паміж асабістым і безасабовым, паміж эмоцыяй і статыстыкай. Куратарам было важна стварыць у групе атмасферу даверу, каб удзельніцы і ўдзельнікі маглі адкрыта дзяліцца сваімі гісторыямі, не толькі адзін з адным, але і з гледачамі – і гэта, безумоўна, удалося.
Для групы, якая працавала з драмай, куратары прапанавалі актуальны сёння матэрыял – п’есу Бертольда Брэхта “Маці Кураж”. Удзельнікі разважалі, кім магла б быць сучасная Маці Кураж і што сёння азначае вайна як сацыяльны і чалавечы феномен. У працэсе абмеркаванняў узнікалі вобразы: Маці Кураж – гэта юрыстка, якая дапамагае мігрантам легалізавацца; кантрабандыстка, якая вядзе рызыкоўныя здзелкі па легалізацыі мігратаў; жанчына, якая ўмее выжываць у любой краіне, маніпулюючы спагадай і атрымліваючы дапамогу. Праз серыі пісьменніцкіх практык, эцюдаў і дбайную працу куратараў з ідэямі ўдзельнікаў гэтыя накіды ператварыліся ў тэксты. Паступова ў іх выявіліся тэмы гандлю траўмай, уразлівасці жанчын у эміграцыі і маральных кампрамісаў, на якія часам штурхае вайна. Гэтыя матэрыялы маюць патэнцыял перарасці ў суцэльную, яркую і актуальную п’есу.
Група, якая працавала з прозай, прайшла шлях ад свабоднага абмену думкамі да шчыльнага пітчынгу ідэй, у выніку чаго нарадзілася канцэпцыя псеўданавуковай канферэнцыі, арганізаванай загадкавым філантропам, якія імкнуцца адшукаць універсальную формулу хатняга шчасця. Гэта ідэя адкрыла прастору для эксперыментальнага спалучэння гумару, філасофіі і сацыяльнай назіральнасці. Якім будзе выніковы тэкст – непрадказальна, але інтрыга і патэнцыял далейшага развіцця відавочныя.
У цэлым першы этап лабараторыі стаў прасторай для шчырай размовы, мастацкіх пошукаў і смелых эксперыментаў. Кожная група па-свойму пераасэнсавала тэму дома, зносін і чалавечай устойлівасці ў свеце, які змяняецца. І калі фінальныя праекты яшчэ наперадзе, то падмурак – жывы, разнастайны і глыбокі – ужо закладзены.
Тэкст: Наталля Валанцэвіч, Ксенія Князева




