Міжнародная канферэнцыя «Спадчына і грамадзянская супольнасць: нізавыя практыкі памяці і крохкасць спадчыны»

11–12 снежня 2025 года ў Вільні ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (ЕГУ) адбылася міжнародная канферэнцыя «Спадчына і грамадзянская супольнасць: нізавыя практыкі памяці і крохкасць спадчыны». Двухдзённае мерапрыемства сабрала даследчыкаў, спецыялістаў у галіне культурнай спадчыны, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, незалежных экспертаў, мастакоў і ўдзельнікаў нізавых ініцыятыў, якія працуюць са спадчынай у постсацыялістычных, крызісных і закранутых канфлікамі кантэкстах.

У цэнтры ўвагі канферэнцыі апынуліся формы працы са спадчынай, што развіваюцца па-за межамі традыцыйных інстытуцыянальных сістэм: сямейныя і лакальныя архівы, вусная гісторыя, лічбавыя праекты, а таксама ініцыятывы грамадзянскай супольнасці, якія рэагуюць на страты, фрагментацыю памяці і абмежаваны доступ да культурнай інфраструктуры. Асобны акцэнт быў зроблены на краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, дзе адказнасць за захаванне культурнай памяці ўсё часцей бяруць на сябе супольнасці, недзяржаўныя арганізацыі, дыяспары і асобныя людзі.

Значнае месца ў праграме заняла экалагічная тэматыка спадчыны. Удзельнікі разглядалі, якім чынам нематэрыяльная спадчына і традыцыйныя веды могуць спрыяць устойліваму развіццю, адаптацыі да кліматычных зменаў і ахове біяразнастайнасці. У межах міждысцыплінарнага дыялогу абмяркоўваліся магчымасці супрацоўніцтва паміж экалагічнымі і культурнымі ініцыятывамі, а таксама роля лакальных супольнасцяў у гэтых працэсах.

Канферэнцыя ўключала не толькі акадэмічныя, але і эксперыментальныя фарматы — майстар-класы, паказ дакументальнага фільма, а таксама прэзентацыі лічбавых і імерсіўных праектаў. Адной з ключавых падзей стала прэзентацыя канцэпцыі і пілотнай лічбавай калекцыі Віртуальнага беларускага яўрэйскага музея — «музея без сцен», арыентаванага на працу з разбуранай і рассеянай спадчынай праз трансгранічнае супрацоўніцтва і актыўнае ўключэнне супольнасці памяці.

Падсумоўваючы вынікі канферэнцыі, Сцяпан Стурэйка, кіраўнік праграм накірунка «Спадчына» ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, адзначыў:

«На два дні наш універсітэт сапраўды стаў пляцоўкай, дзе адбывалася асэнсаванне самых розных аспектаў грамадскага ўдзелу ў працы з культурнай спадчынай. Абмяркоўваліся праблемы дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці, гучалі інсайты ад нізавых ініцыятыў, адбываліся змястоўныя дыскусіі з міжнароднымі экспертамі. Лічбавыя праекты, архіваванне сямейнай гісторыі ва ўмовах крызісу і вайны, экалагічны патэнцыял нематэрыяльнай спадчыны – усё гэта стала часткай насычанай размовы. Мяне шчыра ўразіла глыбіня і якасць гэтых абмеркаванняў. Асабліва ўзрадавала прысутнасць украінскіх калег і вынікі вялікай працы па стварэнні Віртуальнага беларускага яўрэйскага музея – праекта нашых партнёраў. Такія падзеі яшчэ раз пацвярджаюць, што наша праца сапраўды мае сэнс».

Канферэнцыя падкрэсліла ключавую ролю грамадзянскай супольнасці ў сучаснай працы з культурнай спадчынай і прадэманстравала неабходнасць гнуткіх, інклюзіўных і інавацыйных падыходаў да захавання памяці ва ўмовах уразлівасці, нявызначанасці і хуткіх сацыяльных змен.

 

Назад