У ЕГУ пройдзе тэатральная лабараторыя «Дзе пачынаецца дом»
1–3 снежня ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце адбудзецца першы этап тэатральнай лабараторыі «Дзе пачынаецца дом». Гэта даследчая і мастацкая праграма, прысвечаная вывучэнню феномена «беспрытульнасці» новага еўрапейскага чалавека – тэмы, якая сёння рэгулярна гучыць у гуманітарных навуках, сучасным тэатры і грамадскіх дыскусіях.
Лабараторыя разглядае «беспрытульнасць» як складаную сацыяльную, культурную і экзістэнцыйную з’яву. Удзельнікі будуць даследаваць яе праз інструменты дакументальнага тэатра, адаптацыйныя тэхнікі і стварэнне аўтарскіх сцэнічных тэкстаў. Пасля завяршэння першага модуля ўдзельнікі працягнуць сустрэчы ў фармаце інтэнсіўных даследчых і творчых сесій, якія спалучаюць аналіз дакументальных крыніц, працу з літаратурным і сацыякультурным матэрыялам і мастацкія эксперыменты.
Праект аб’ядноўвае даследчыкаў, драматургаў, рэжысёраў і педагогаў, якія будуць суправаджаць працэс і вызначаць рамку для творчага пошуку. Сярод іх:
Аляксандр Марчанка – мастацкі кіраўнік лабараторыі, рэжысёр, акцёр, куратар праграмы «Тэатральнае мастацтва і акцёрская ігра» (ЕГУ, Вільня).
Тадас Монтрымас – рэжысёр, кіраўнік незалежнага тэатра Taško, лаўрэат нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залаты сцэнічны крыж» (2020), які эксперыментуе на скрыжаванні класічнай драмы, імерсіўнага тэатра і міждысцыплінарных практык.
Мікіта Ільічнік – драматург і тэатральны рэжысёр, выпускнік ГІТІСа, двойчы лаўрэат конкурсу «Аўрора», аўтар больш як дзесяці п’ес, пастаўленых у тэатрах Еўропы.
Ірына Серабракова – украінская драматург, аўтарка больш за дзесяць дакументальных п’ес, прадстаўленых у Кіеве, Берліне, Нью-Дэлі, Барселоне, Осла, Хельсінкі і іншых гарадах; яе п’есы перакладзены на дзесяць моваў.
Валянціна Мароз – рэжысёрка і куратарка культурных праектаў, выпускніца Школы-студыі МХАТ і Цэнтра імя Вс. Мейерхольда, працуе на скрыжаванні тэатра і сацыяльных тэм.
Лабараторыя засяроджваецца на даследаванні мовы дакументальнага тэатра і яго патэнцыялу ў асэнсаванні сучасных еўрапейскіх працэсаў. Вясной 2026 года ўдзельнікі прадставяць шырокай публіцы эксперыментальныя сцэнічныя эскізы, створаныя ў розных мастацкіх напрамках – ад дакументальнай п’есы да аўтарскай прозы для сцэны. Атрыманая праца стане асновай для далейшых даследаванняў у галіне сучаснай драмы, перформатыўных практык і сацыяльнай дакументалістыкі.
