Паралельна з канферэнцыяй адкрыецца студэнцкая калектыўная выстава, якая прадставіць больш за дзесяць фотапраектаў, створаных у 2025 годзе ў межах курса «Візуальная выразнасць у фатаграфіі». Экспазіцыя стане ключавым візуальным дадаткам да дыскусій, дэманструючы практычнае асэнсаванне выклікаў і магчымасцяў сучаснага медыума вачыма маладых аўтараў.
Канферэнцыя аб’яднае даследчыкаў і практыкаў, якія закранаюць актуальны фатаграфічны дыскурс. «Мы запрашаем да супольнага даследавання і асэнсавання шырокага спектру тэм: ад нечаканых кропак перасячэння фатаграфіі з гуманітарнымі і тэхналагічнымі сферамі — да яе крытычнай ролі ў канструяванні гістарычнай памяці і патэнцыялу ў міждысцыплінарных творчых эксперыментах», — каментуюць арганізатары і складальнікі праграмы мерапрыемства.
Як оптыка камеры і сама тэхналогія фатаграфіі канструюе гістарычнае ўспрыманне і якія магчымасці гэта адкрывае для працы са спадчынай? Дзе праходзяць межы міждысцыплінарных арт-практык, заснаваных на фатаграфічным выяўленні? Якая роля крытыкі ў развіцці візуальнай культуры? Гэтыя і іншыя тэмы будуць раскрыты ў дакладах і наступных дыскусіях, прызначаных для арт-практыкаў, даследчыкаў, студэнтаў і ўсіх, хто цікавіцца развіццём фатаграфічнага медыума.
Праграму дапаўняць прэзентацыі пяці студэнцкіх фотапраектаў, у якіх аўтары прадставяць уласны погляд на медыум і спосабы яго інтэрпрэтацыі.
Арганізатары канферэнцыі «Фатаграфія больш, чым…» запрашаюць універсітэцкую супольнасць далучыцца да дыялогу пра актуальныя пытанні фатаграфіі і сучаснай візуальнай культуры.