Animated Life of Sounds: пераварочваем логіку працы з гукам у анімацыі на варкшопе еўрапейскіх экспертаў

З 31 сакавіка па 2 красавіка Дэпартамент гуманітарных навук і мастацтваў ЕГУ правядзе інтэнсіўны варкшоп «The Animated Life of Sounds». Студэнты ўніверсітэта атрымаюць рэдкую магчымасць папрацаваць у рытме рэальнай студыі пад куратарствам прызнаных майстроў індустрыі — кампазітара Андрэа Марціньёні (Італія) і прадзюсара Міхаіла Маргуліса (Германія/Украіна).

У сучаснай анімацыі гук часта ўспрымаецца як дапаўненне да візуальнага шэрагу. Варкшоп прапануе радыкальна змяніць перспектыву: удзельнікі правядуць эксперымент па стварэнні анімацыі, дзе менавіта гук становіцца адпраўной кропкай і дыктуе візуальныя рашэнні. За тры дні будзе пройдзены шлях ад пошуку і запісу шумоў навакольнай прасторы да іх візуальнага ўвасаблення ў тэхніцы стоп-моўшн, лічбавай або маляванай анімацыі.

Сувязь з індустрыяй

Асаблівасць інтэнсіву — яго прамая сувязь з прафесійным асяроддзем. Студэнты пазнаёмяцца з унутранымі працэсамі студыі KAPI Animation на прыкладзе праекта «The City of Happy Boys». Гэта прыклад паэтычнай анімацыі, дзе гук выступае галоўным драйверам апавядання.

Для ўдзельнікаў гэта не толькі практыка, але і магчымасць прафесійнага старту. Аўтар найбольш выразнага рашэння па выніках варкшопа зможа далучыцца да каманды праекта «The City of Happy Boys», над якім цяпер працуюць эксперты.

Хто праводзіць

Эксперты варкшопа прыносяць у ЕГУ вопыт працы на найбуйнейшых міжнародных пляцоўках. Андрэа Марціньёні, мастацкі кіраўнік фестывалю ANIMAPHIX, спецыялізуецца на даследаванні гукавых ландшафтаў і стварэнні саўндтрэкаў да анімацыйных фільмаў. Міхаіл Маргуліс падзеліцца вопытам міжнароднага прадзюсавання і раскажа, як ідэя трансфармуецца ў прадукт, зразумелы глабальнаму рынку.

Як прыняць удзел

Варкшоп праходзіць у адкрытым фармаце. Арганізатары запрашаюць супольнасць ЕГУ далучыцца ў адным з двух статусаў:

  • Удзельнікі: студэнты бакалаўрскіх праграм «Візуальны дызайн» і «Game Art», а таксама магістранты. Неабходны навык працы з анімацыяй.
  • Слухачы: студэнты і выкладчыкі ўсіх кірункаў (доступ да лекцыйнай часткі і фінальнага абмеркавання).

Месца правядзення: навучальны корпус ЕГУ (пр-т Саванору 28), аўд. 217
Праграма і рэгістрацыя: па спасылцы
Дэдлайн рэгістрацыі: 30 сакавіка, 15:00 (або да запаўнення месцаў).

Назад