Як прайшоў Skaryna Day?
21 лістапада 2025 г. ў Вільні чарговы раз адзначылі Дзень Францыска Скарыны, прысвечаны памяці славутага асветніка, першадрукара, лекара і батаніка. Удзельнікамі мерапрыемства сталі студэнты і выкладчыкі ЕГУ бакалаўрскай праграмы “Гсіторыя”, “Еўрапейская спадчына і крэатыўны турызм” і “Развіццё культурнай спадчны” і вучні гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільнюсе.
Урачыстая частка адбылася каля мемарыяльнай дошкі Францыска Скарыны на Ратушнай плошчы. Вучні гімназіі, студэнты і выкладчыкі ўсклалі кветкі. Са словамі прывітання выступілі старшыня клуба беларусаў Вільні «Сябрына» Валянцін Стэх і мастак, літаратар, гісторык мастацтва і культуролаг Сяргей Харэўскі.
«З гэтага месца пачыналася гісторыя кнігадрукавання не толькі ў Вільні і для беларусаў, але і для ўсіх народаў агульнай дзяржавы ВКЛ. Гэтыя народы атрымалі друкаваную кнігу, якая ў той час была сапраўдным цудам. Да таго людзі бачылі толькі рукапісныя кнігі, і таму выданне друкаванай кнігі стала каласальнай інтэлектуальнай, культурнай і цывілізацыйнай падзеяй, — падкрэсліў спадар Харэўскі — Адзначаючы сёння Дзень Скарыны, мы шануем кнігу і помнім пра вялікі подзвіг нашага геніяльнага земляка, які адбыўся паўтысячы гадоў таму. Мы таксама памятаем, што Францыск Скарына быў жывым чалавекам, які шмат вучыўся і зрабіў выключны ўнёсак у гісторыю і культуру».
Працяг дня адбыўся ў бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта, дзе ў зале імя Францыска Смуглевіча ўдзельнікам паказалі адзін з арыгіналаў «Апостала», надрукаванага Скарынам.
Завяршылася святкаванне ўрачыстай акадэміяй (мадэратар – С. Харэўскі) ў Скарынавай залі ЕГУ, у якой выступіў з лекцыяй славуты літоўскі філолаг, гісторык старажытнаславянсаага пісьменства, др. Сяргей Цемчын. З вітальнымі словамі выступілі Рэктар ЕГУ, др. Вілюс Шадаўскас, каардынатарка Цэнтру беларускіх і рэгіянальных даследванняў, праф. Ірына Раманава, выкладчык праграммы “Еўрапейская спадчына і крэатыўны турызм” др. Сцяпан Стурэйка, кіраўнік клубу “Сябрына” Валянцін Стэх.
